На будаўніцтве завода па вытворчасці мелаваных і немелаваных відаў кардону ў Добрушы працуе больш за тысячу чалавек. На прадпрыемстве паралельна з будаўнічымі работамі пачаўся мантаж тэхналагічнага абсталявання.

На базе філіяла «Добрушская папяровая фабрыка «Герой працы» ААТ «Кіруючая кампанія холдынгу «Беларускія шпалеры» рэалізуецца беларуска-кітайскі інвестыцыйны праект з агульным аб'ёмам інвестыцый у 348,6 млн. даляраў ЗША. Генеральным падрадчыкам праекта з'яўляецца кітайская кампанія «Карпарацыя Сюань Юань». Фінансаванне ў памеры 100% кошту кантракта ажыццяўляецца за кошт сродкаў крэдыту Дзяржаўнага банка развіцця Кітая. Будаўніцтва вядзецца «пад ключ».


Зараз на аб'екце задзейнічана 1020 чалавек, у тым ліку больш за 400 мантажнікаў. Каб даставіць неабходнае абсталяванне на пляцоўку, спатрэбілася 493 вялікагрузных аўтамабіля і 247 чыгуначных кантэйнераў.


Магутнасць вытворчасці складзе 200 тыс. тон кардону ў год. Рэалізацыю гэтага праекта плануецца ажыццявіць у 2016-2017 гг. Засваенне вытворчасці мелаваных і немелаваных відаў кардона дазволіць не толькі скараціць імпарт гэтай прадукцыі з краін СНД, Еўропы, але і забяспечыць экспарт.

Фота БЕЛТА